Васіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа «Людзі на балоце»
...Развеяўся настрой паганы,
Каліны зноў цвітуць мае.
I свеціць мне усмешка Ганны,
Любоў яе і боль яе.
Зямля бацькоўская, святая,
Так, гэта мы. Увесь народ...
Мне ў сэрца бусел залятае
3 трывожных прыпяцкіх балот.
П. Панчанка
«Над вымыслом слезамн обольюсь...» Так бывае: сіла ўздзеяння таленавітага твора такая вялікая, што чытач страчвае ўсведамленне прачытанага як факта мастацтва і ўспрымае літаратурнага героя як канкрэтнага чалавека, якога палюбіў, як блізкага, як роднага, як самога сябе. I не можа змірыцца з воляй аўтара, бо трагедыю героя ўспрымае як трагедыю рэальнага і блізкага яму чалавека.
I забываецца чытач на тое, што ў мастацтве дзейнічаюць свае законы, часам непадуладныя нават самаму таленавітаму мастаку. Што законы мастацтва, як пра тое даводзіць не раз В.Быкаў, і законы жыцця нярэдка не супадаюць. «Больш таго, яны амаль заўсёды ў супрацьстаянні» (В.Быкаў. 3 выступлення на V з'ездзе СП БССР, 1966 г.)
Правіла, закон жыцця такі: калі наканавана дваім сустрэцца на жыццёвай дарозе і зведаць каханне, то яны, як дзве палавінкі, павінны спалучыцца ў адно цэлае, усвядоміўшы, што ўзнагароджаны найвялікшым дарам, здрада якому — вялікі грэх. Бываюць і выключэнні з правіла: сустрэліся две палавінкі, але ці то не ўсвядомілі сустрэчу як падарунак лёсу, ці то сіла абставін аказалася мацнейшай за сілу дару — і тады трагедыя. Але ж то —трагедыя чалавека.
Лягчэй за ўсё Мележу-чалавеку было «ашчаслівіць» свайго чытача, дагадзіць яму і «спалучыць две палавінкі», якія, безумоўна заслугоўвалі шчасця і былі вартыя адна другой. Аднак, Мележ-творца на мог адступіць ад праўды жыцця і пераступіць законы мастацтва. У творцы была задача паказаць не толькі трагедыю чалавека, а трагедыю народа ў адзін з самых крытычных момантаў нацыянальнай гісторыі. Пісьменніцкае ўсведамленне гэтага моманту, філасофія і канцэпцыя Мележа выяўляюцца найперш праз вобразы, як, дарэчы і ўсіх пісьменнікаў. I вядома ж, не праз вобраз Апейкі, да прыкладу, а тым больш не праз вобраз Міканора Дамеціка ці які іншы выявіў пісьменнік сябе, свой светапогляд, сваё разуменне ўсяго, што спрычынілася з нашым народам у час «карэннага пералому» і ў выніку яго. А праз вобразы Васіля і Ганны.
У гэтых вобразах увасоблены не толькі характар беларуса, а яго менталітэт. А паняцце ментальнасці намнога шырэйшае за паняцце «характар». Менталітэт—гэта своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека ці супольнасці людзей. Элементаў менталітэту любой нацыі вялікае мноства. Спынімся на некаторых. I найперш на вызначальным — на ўсведамленні каштоўнасцей, якія для чалавека і нацыі з'яўляюцца першаснымі, прыярытэтаымі.
Для беларуса такой каштоўнасцю з'яўляецца (хочацца спадзявацца, што яшчэ ўсё з'яўляецца) зямля. I ўдакладнім: зямля не толькі як тэрыторыя жыцця, але (тое засведчана навукоўцамі, даследчыкамі, творцамі ў «адбітку родных з'яў») і як «промень волі і свабоды», як «аснова ўсёй Айчыне». Мару пра зямлю і яе саму Міхал з «Новай зямлі», «запомнім гэта! апісваў фарбамі паэта».
«Одной лншь думы власть» ведаў Васіль Дзяцел. Хай ён і не апісваў яе «фарбамі паэта», але таксама не менш палка і малітоўна. «Каб той кавалачак зямлі, што за цагельняй!», — дзеліцца ён з Ганнай сваёй самай запаветнай марай. I ён бы ўжо на ёй шчыраваў, ён бы ўжо на ёй разгарнуўся! Яна б не была ў яго недагледжанай і няўдаліцай.
Ментальнасць чалавека і нацыі вызначаецца і шляхамі, сродкамі, якімі яны ідуць да акрэсленай каштоўнасці, дамагаюцца яе. Беларускі шлях — праца, нястомная праца, нечалавечыя высілкі — і ўсё дзеля яе, зямелькі-карміцелькі, бо яна адна «не зменіць і не здрадзіць», «яна дзяцей тваіх не кіне»... 3 непрыхаванай сімпатыяй і захапленнем апісвае I. Мележ свайго любімага героя ў час касьбы, прычым апісвае сапраўды «фарбамі паэта», а не празаіка. Менавіта старонкі, прысвечаныя Васілю-працаўніку і куранёўскай прыгажуні Ганне («Як тая рабіна цвіла ў тое лета Ганна!»),— старонкі, у якіх Мележ-празаік уступае месца Мележу-паэту. Як зямля — аснова ўсёй Айчыне, так праца на ёй — аснова жыцця, жыцця годнага, людскага; у працы выяўляецца ўся сіла і прыгажосць чалавека, рэалізуюцца лепшыя яго якасці і талент, бо працавітасць — сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці.
Але адной працы на гэтай зямлі, каб авалодаць ёю і праз яе — воляй, мала. Як казаў коласаўскі герой, «тут грошы, грошы трэба». А іх няма. Змены ў жыцці, новую ўладу Васіль Дзяцел успрымае як падарунак лёсу: нарэшце здзейсніцца! Але незбылося... Новыя падзеі і абставіны патрабуюць ад яго таго, што яму чужое і дзікае. Ён далёкі ад мітусні і калатнечы, што ўсчалася навокал. Ён хоча проста жыць і працаваць на сваёй зямлі, шчыра паверыўшы, што савецкая ўлада прыйшла, каб даць зямлю і волю такім, як ён, што ўсё будзе па справядлівасці. Першае працверажэнне адбылося, калі пасядзеў у турме. Аканчальна пазбавіўся ілюзій, калі арганізаваўся калгас. Але гэта было пасля. Да гэтага лёс паставіў яго перад выбарам: жыць з каханай, адмовіцца ад сваёй мары пра зямлю ці Маніна пасажная зямля як крок да здзяйснення мары.
Васіль —моцная, выключная, незвычайная асоба, насіле і незвычайнасці якой неаднаразова акцэнтуе ўвагу чытача пісьменнік. Васіль рана асірацеў і ўжо ў падлеткавым узросце ўзяў на сябе клопат і адказнасць за ўсю сям'ю, узваліў такую ношу, якую не кожны мужчына адужае, — ён жа цярпліва нёс свой крыж, цвёрда засвоіўшы галоўны ўрок жыцця: цярпі, трывай, хочаш прысесці ад стомы — ідзі, а прысеў — устань і ідзі! Злучнасць пісьменніка са сваім героем настолькі моцная, што ў чытача страчваецца ўсведамленне: выяўленне пачуццяў Васіля ў час касьбы — гэта аўтарская характарыстыка ці ўнутраны маналог героя. Мележ — майстар дэталі. Дэталі ў партрэце Васіля таксама «працуюць» на яго выключнасць: «валасы неаднолькавыя: ззаду цёмныя, а спераду, як у рабога цяляці, і вочы не адзінакія... Адно, як вада светлае, другое, як жалудок».
Вось такое незвычайнае прызнанне ў каханні, але колькі ў ім шчырасці, чысціні і мудрасці: прыгожае ўсё тое, што любае і дарагое.
У жыцці героя была вясна з камянямі на дарозе, якія «губяць сілы маладыя», было і «лета-песня, лета-свята», што перайначыла ўсё ў душы Васіля. Акрамя аднаго: не ўтаймавала ў яго душы неадольнага жадання «разжыцца новай доляй». А новую долю магла даць яму толькі ўласная зямля.
Прычына трагедыі нязбытнага кахання Васіля і Ганны многімі ўсведамляецца як віна і здрада Васіля свайму каханню. Герой не вытрымлівае выпрабавання каханнем і выяўляе слабасць сваёй душы. Аднак моцная, незвычайная асоба вызначаецца да ўсяго яшчэ і здольнасцю «пераступіць» цераз важнае і дарагое ў імя яшчэ больш дарагога, свядома зрабіць свой выбар паміж дарагім і яшчэ даражэйшым. I ў гэтым выбары выяўляецца не здрадлівасць Васіля, не яго слабасць, а, як ні парадаксальна, яго сіла. Усведамляе гэта і Ганна, робячы таксама свой крок. Не выбар, не, бо выбару ў яе якраз і не было, калі не лічыць таго, што зусім не выходзіць замуж. Але ж у ментальнасці нашага народа ёсць такое: калі ёсць магчымасць, то абавязкова скарыстаць яе, каб не быць адзінцом, бо то — і вялікае няшчасце, і заганнасць: чалавек павінен быць у пары з другім. I не довады мачыхі пра выгоды шлюбу з Яўхімам (Ганну як моцную асобу таксама вызначае акрэсленасць каштоўнасці ў яе ўяўленні: такой каштоўнасцю для яе было каханне да Васіля), не напамін пра абавязак перад бацькамі паўплывалі на яе рашэнне даць згоду на шлюб з нялюбым. Ганарліўка і прыгажуня Ганна да ўсяго была яшчэ вельмі мудрай. Яна ведала, што няшчасныя дзеці не бываюць надзейным апірышчам для сваіх бацькоў, якім бы матэрыяльным багаццем дзеці ні валодапі. Малітва бацькоў — падмурак сям'і іх дзяцей, даводзіцца ў Бібліі і нагадваецца, што малітва — гэта не толькі словы, а найперш пабожныя справы. Шчасце дзяцей — трывалы падмурак старасці бацькоў. Доўга ўгаворвала мачыха Ганну, але згоды ад яе, выяўленай толькі праз словы, што выдалі Ганніна змірэнне з лёсам: «Хустку гарусавую. Спадніцу новую. Чаравікі...», дамаглася, калі пацэліла ў самае сэрца. Згадзілася, бо зразумела: Васіль яе не возьме.
Выбар Васіля — не здрада Ганне і каханню да яе, а вернасць сваёй мэце. Спалучыць жа адно з другім было немагчыма. Спалучыць ці зрабіць іншы выбар мог нехта іншы, але не Васіль.
Крытыкі і многія чытачы лічаць, што ў Васіля была некалькі разоў магчымасць паправіць сваю «памылку». Свядомы крок памылкай не з'яўляецца! Так, Ганна некалькі разоў угаворвае яго кінуць усё і пачаць жыццё спачатку, пераконвае яго, што разам яны ўсё адолеюць...
У вобразе Ганны не толькі ўвасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны, услаўлена беларуская жанчына, але і паказана жаночая ментальнасць. Ёсць ментальнасць мужчынская і ментальнасць жаночая. Жаночая выяўляецца ў імкненні і гатоўнасці віць сваё гняздо з каханым чалавекам, быць ахоўніцай сямейнага ачага, ісці за каханым, як нітка за іголкай. I ў тым сіла жанчыны, яе прыгажосць і прызначэнне. Такая — Ганна.
Ментальнасць мужчынская (адвеку так было ў нашым народзе!) — быць адказным за звітае гняздо, якія б матывы ні ляжалі ў яго падмурку. Права выбару сваёй палавінкі належала мужчыне, але і абавязак адказнасці таксама лажыўся менавіта на яго. У ментальнасці нашага народа — клопат пра дзяцей. Здрада сям'і, развал яе, асірацелыя дзецібязбацькавічы пры жывых бацьках —неадпушч'оны грэх. Усведамленне яго было падмуркам векавой народнай маралі.
Лёс Васіля надзвычай трагічны. Мары яго не суджана было здзейсніцца: на ўсякую сілу ёсць другая сіла! Тое, што рабілася ў калгасах, — не Васілёва. Здаровы сэнс і жыццёвая мудрасць гаварыла яму (таму такі неспакой у душы, такі ўнутраны злом), што гэта дабром не кончыцца, што ў такіх калгасах гаспадаром быць нельга. Тое, дзеля чаго ён «перасіупіў», ахвяраваў сваім «летам-песняй, летам-святам», нішчылася на вачах. Жыць інакш ён таксама не можа, бо на шляху да іншага, другога, хай сабе і не такога, пра якое марылася, жыцця, ёсць тое, «пераступіць» цераз што ён не можа, бо яно — . святыня, роўная зямлі і жаданню быць на ёй гаспадаром. Святыня гэта — дзіця. Нават ад нялюбай, вечна соннай Мані, але яго роднае дзіця! Ён нават у думках не дапускае, што яго сын будзе бязбацькавічам.
Так праз вобраз Васіля I. Мележ паказвае трагедыю нашага народа ў часы «карэннага паралому» і нагадвае пра тыя каштоўнасці, на якіх трымалася наша зямля, доўжылася жыццё. Ментальнасць чалавека і нацыі пад уплывам часу і падзей можа змяняцца: адны яе элементы слабеюць і нават знікаюць, другія ж — наадварот, з'яўляюцца. Трылогія Мележа запрашае нас спыніцца і азірнуцца, падумаць і ўзважыць: ці варты знікнення тыя каштоўнасці, якія лічыліся нашымі продкамі першаснымі і святымі? Што будзе з намі, калі мы адрынем гэтыя каштоўнасці і святыні?
I. Мележ марыў напісаць пенталогію «Палескай хронікі», але планам яго не суджана было здзейсніцца. Паводле задумы аўтара, Васіль Дзяцел павінен быў прыйсці да здзяйснення подзвігу ў гады вайны. I гэта не было б фантазіяй пісьменніка, а сведчаннем яго глыбокага псіхалагізму. Абараніць сваю зямлю, сваё гняздо, сваё каханне, сваё дзіця можа толькі той, хто моцна любіць і сваю зямлю, і блізкіх і дарагіх яму людзей. Любіць так, як Васіль Дзяцел.